АЗЕРБАЙДЖА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (агузасельджукская падгрупа), дзярж. мова Азербайджанскай Рэспублікі (гл. Азербайджан). Пашырана таксама ў Грузіі, Арменіі, Дагестане, Іране, Іраку і Турцыі. З сучасных моў найб. блізкая турэцкай. Мае 4 дыялектныя групы: усх. (бакінскі, кубінскі, шэмахінскі дыялекты, муганская і ленкаранская гаворкі), зах. (казахскі, гянджынскі, карабахскі дыялекты і айрумская гаворка), паўн. (нухінскі дыялект і закатальска-кахская гаворка), паўд. (нахічэванскі, ардубадскі, таўрызскі дыялекты і ерэванская гаворка). Адрозненні ў дыялектах закранаюць пераважна фанетыку і лексіку. Літ. азербайджанская мова развіваецца з 13 ст. (аснова — шэмахінскі і бакінскі дыялекты).
У фанет. сістэме 9 галосных фанем, 23 зычныя. У марфалогіі 9 часцін мовы, у т. л. паслялогі. У сінтаксісе развіта сістэма злучнікавых складаных сказаў. Пісьменства да 1929 на аснове араб. графікі, у 1929—39 на аснове лац. алфавіта, з 1939 на аснове рус., з 1991 — лац. графікі.
т. 1, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)